ВЕТЭРЫНА́РНАЯ ЛАБАРАТО́РЫЯ,
дыягнастычная ўстанова ў сістэме вет. службы. У ветэрынарнай лабараторыі ўстанаўліваюць дыягназ хваробы жывёлы, выяўляюць хворых жывёл, прычыны іх гібелі і масавых захворванняў, а таксама вызначаюць якасць і бясшкоднасць прадуктаў і сыравіны жывёльнага паходжання, кармоў і вады. Праводзяць таксама патолага-анатамічныя, гісталагічныя, бактэрыялагічныя, мікраскапічныя, вірусалагічныя, сералагічныя, мікалагічныя, хім., таксікалагічныя, біяхім., радыелагічныя, гельмінталагічныя і інш. даследаванні. Па тэрыторыі абслугоўвання адрозніваюць раённыя, міжраённыя, занальныя, гар., абласныя ветэрынарныя лабараторыі. Буйныя жывёлагадоўчыя комплексы і птушкафабрыкі маюць свае спец. ветэрынарныя лабараторыі. На Беларусі цэнтр. вет.-дыягнастычная ўстанова — рэспубліканская дзярж. ветэрынарная лабараторыя, якая ажыццяўляе арганізацыйна-метадычнае кіраўніцтва дзейнасцю ветэрынарных лабараторый абласцей, раёнаў, жывёлагадоўчых комплексаў.
т. 4, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)